2017 год стаў вельмі знакавым для нашай краіны - мы адзначалі 135-годдзе з дня нараджэння вялікіх паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. На працягу года ўстановы адукацыі Ленінскага раёна прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных гэтай важнай падзее. Ініцыятарамі правядзення фестывалю, прысвечанага творчасці Я.Купалы і Я.Коласа, выступілі ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска і дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія №28 г. Мінска”.
Вучні мелі магчымасць прадэманстраваць свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці ў раённым чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях “Песняры зямлі беларускай!”, канферэнцыі “Сучасны погляд на праблематыку ў творчасці Я.Купалы”, конкурсе ілюстрацый да твораў Я.Купалы і Я.Коласа, віртуальным фотаконкурсе “Свая Зямля – вось, што аснова”, конкурсе інсцэніраваных твораў Я.Купалы і Я.Коласа “Нам засталася спадчына…”.
Фінальным акордам стаў урачысты канцэрт ушанавання памяці волатаў беларускага слова Я.Купалы і Я.Коласа “Не загаснуць зоркі ў небе…”, які адбыўся 12 снежня 2017 года ў актавай зале дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №17 г. Мінска”.
У канцэрце прынялі ўдзел узорны фальклорны ансамбль “Гасцінец”, вакальны ансамбль “Малайцы” дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 17 г.Мінска”, фальклорны ансамбль «Росніца» дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» г.Мінска” і дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Гімназія № 28 г.Мінска”, харэаграфічны калектыў “DanceMix” дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 17 г.Мінска”, салістка вакальнага ансамбля «Маладыя галасы» Кацярына Бабко (ЦДАДіМ «Маяк» г.Мінска).
Са сцэны прагучалі знакамітыя музычныя кампазіцыі на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Надзвычайна цёплую, лірычную атмасферу стварылі вядучыя канцэрта – вучаніца 10 класа дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №28 г. Мінска” Мішэніна Дар’я і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №17 г. Мінска” Цеслюкевіч Дзмітрый Іванавіч.
З натхняючай прамовай да ўдзельнікаў і гасцей канцэрта выступіла начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска Кучынская Наталля Генадзьеўна, якая выказала думку аб неабходнасці шанавання і захоўвання нацыянальных традыцый, перадачы іх будучым пакаленням. Таксама, Наталля Генадзьеўна ўзнагародзіла самых актыўных, таленавітых, крэатыўных вучняў Ленінскага раёна – пераможцаў конкурсаў. Госцем імпрэзы была вядучы навуковы супрацоўнік дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Дыяна Леанідаўна Філіповіч. Яна адзначыла спецыяльнымі прызамі арганізатараў канцэрту і самых актыўных яго удзельнікаў. Дзяржаўным ўстановам адукацыі “Гімназія № 28 г.Мінска” і “Гімназія № 17 г.Мінска” былі ўручаны эксклюзіўныя выданні - каталаг фотаздымкаў Янкі Купалы “Ты гэтых вачэй не забудзь…”, а дзяржаўным ўстановам адукацыі “Сярэдняя школа № 15 г.Мінска” , “Сярэдняя школа № 17 г.Мінска” – запрашальныя білеты на святкаванне Калядаў у музеі.


